ЮБІЛЕЙ БЕЛАРУСКАГА КНІГАДРУКАВАННЯ

У 2017 годзе Беларусь адзначае адну з самых важных дат сваёй гісторыі і культуры – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Беларусы былі другімі сярод славян, якія надрукавалі сваю Біблію (першымі былі чэхі). Гэтая падзея звязана з імем нашага славутага земляка Францыска Скарыны, які 6 жніўня 1517 года ў Празе выдаў кірылічным шрыфтом першую сваю кнігу на беларускай мове “Псалтыр”, надрукаваную “повелением и працею избранного мужа, в лекарских науках доктора Франциска, Скоринина сына с Полоцька”. Менавіта гэты год і стаў пачаткам развіцця айчыннага кнігадрукавання.
Юбілей, які святкуе наша краіна на працягу гэтага года, будзе шырока адзначацца як у Беларусі, так і за яе межамі, паколькі гэта не толькі гісторыя беларускага кнігадрукавання,  але і сусветная кніжная гісторыя, гісторыя сусветнай кніжнай культуры. Не застаўся ў баку і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Так, аддзел гуманітарна-асветніцкай работы Навуковай бібліятэкі БНТУ арганізаваў урачыстае мерапрыемства “Кніжная спадчына Беларусі (да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання)”. Мерапрыемства праходзіла 16 і 23 сакавіка ў канферэнц-зале Навуковай бібліятэкі; у ім прынялі ўдзел студэнты энергетычнага, прыборабудаўнічага факультэта, а таксама факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі.

Супрацоўніца аддзела Ірына Пятроўна Іванова расказала студэнтам  пра ролю Ф. Скарыны ў развіцці беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, пазнаёміла з дасягненнямі кнігавыдавецкай справы. Была прасочана гісторыя стварэння і дзейнасці самых вядомых на тэрыторыі нашай краіны тыпаграфій, пачынаючы з XVI ст. і да нашага часу. Першай тыпаграфіяй на тэрыторыі Беларусі лічыцца тыпаграфія ў горадзе Брэсце, заснаваная ў 1553 г. пры падтрымцы Мікалая Радзівіла Чорнага; тут выйшла больш за 40 кніг, самая вядомая з якіх – Брэсцкая (Радзівілаўская) Біблія. Былі згаданы таксама Нясвіжская, Лоская, Заблудаўская тыпаграфіі, тыпаграфія братоў Мамонічаў і інш. Даведаліся студэнты і пра дзейнасць сучасных найбольш вядомых беларускіх выдавецтваў, дасягненні якіх дэманструюцца сёння на кніжных выставах розных краін свету.

На сустрэчы пазнаёміліся студэнты з гісторыяй перыядычных выданняў на Беларусі, якая бярэ пачатак з газеты К. Каліноўскага “Мужыцкая праўда”. Узгаданы былі і першая прыватная асветніцкая газета на рускай мове “Минский листок”, першая газета на беларускай мове “Наша доля” і інш.
Супрацоўнікі аддзела падрыхтавалі таксама выставу кніг, прысвечаную юбілею кнігадрукавання на Беларусі. Выстава складаецца з дзвюх частак: кнігі, якія ўбачылі свет на пачатку ХХ ст. (напрыклад, “Вянок” М. Багдановіча, “Першае чытанне для дзетак беларусаў”  Цёткі, “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” Я. Коласа і інш), і кнігі ХХІ ст. Дзякуючы такому падзелу студэнты мелі магчымасць параўнаць сучасныя паліграфічныя магчымасці выдавецтваў з мінулымі.
Ад імя студэнтаў ЭФ, ПБФ, ФІТР, а таксама выкладчыкаў кафедры беларускай і рускай моў выказваем падзяку супрацоўнікам аддзела гуманітарна-асветніцкай работы Навуковай бібліятэкі БНТУ і асабіста Івановай І.П. за цікавае і пазнавальнае мерапрыемства.